Вольга Корсак ВЕРБАЛЬНЫ КАМПАНЕНТ БЕЛАРУСКІХ АБЯРЭГАЎ

М. Талстой лічыў, што любы тэкст «мае тры коды свайго выражэння: вербальны, прадметны і дзейны» [17, 23].  На гэтай падставе і апатрапеічныя тэксты можна падзяліць па форме на вербальныя (замовы), прадметныя (амулеты, талісманы) і дзейныя (рытуалы, абрады).

Вербальныя абярэгі прадстаўлены замовамі, якія, згодна з вызначэннем Г. Барташэвіч, уяўляюць сабой «празаічныя (часам рытмізаваныя) творы формульнага характару (або слоўныя формулы), якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння» [5, 6]. Часта вербальныя замоўныя тэксты падаюцца пад назвай абярэгаў. Даследчыца рускіх замоўных тэкстаў Т. Тарасава сцвярджае: «Частка замоў носіць ахоўны, аберагальны характар і накіравана на прадухіленне непажаданых наступстваў падзей ці злых чараў. Гэтыя замовы з'яўляюцца своеасаблівымі абярэгамі, «славеснымі талісманамі», якія па свайму магічнаму дзеянню не адрозніваюцца ад талісманаў матэрыяльных». Як невербальныя, так і вербальныя апатрапеі можна аднесці да магічна-рытуальнай дзейнасці. У дачыненні да замоў рытуал заключаецца ў прамаўленні тэксту, якому надаецца выразная паэтычна-фальклорная форма. «Замова - перш за ўсё рытуал, і толькі потым — слова. Семантызацыя і афармленне гэтага апошняга адбываецца праз яго ўключанасць у спецыфічна-рытуальную, абрадавую мадэль паводзін», - лічыць К. Багданаў. Дзяленне абярэгаў на вербальныя, дзейныя і прадметныя ў некаторай ступені ўмоўнае, да таго ж яны часта спалучаюцца ў адных і тых тэкстах. Нягледзячы на рознасць форм, вербальнае і невербальнае ў абярэгах уяўляюць два бакі аднаго феномена, маюць сутнасную аснову — магічны рытуал.

Прапаноўваліся падзелы замоўных тэкстаў паводле мэт, хвароб, супраць якіх замовы выкарыстоўваюцца, па формах, па ступені прысутнасці хрысціянскага элемента, па накіраванасці на ўжо напатканыя хваробы ці паралізаванне злога ўздзеяння з боку людзей або жывёл [15, 103—107]. Сістэматызацыю аўтэнтычных замоўных тэкстаў выканала беларуская даследчыца Г. Барташэвіч. Найболып выдатнай для карыстання аўтар лічыць сістэматызацыю замоў па прызначэнню, куды яна ўключае ахоўныя (ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з'яў: ад перуна, ад дамавога, хлеўніка, лесавіка, ведзьмы, чараўнікоў, ад залому, нячыстай сілы, ад русалкі, ад порчы і пры першым выгане скаціны, а таксама ахоўныя ад звяроў: ад гадзюкі, ваўкоў і г. д.). Другая вялікая група замоў уключае ўсе тэксты лячэбнага характару ад хвароб [5,14].

Замовы з'яўляюцца найбольш вывучанай фалькларыстамі формай абярэгаў, і ўвага ў нашым даследаванні была нададзена яшчэ не аналізаванаму вербальнаму кампаненту ў складзе абярэгаў, яго семантычнаму і функцыянальнаму значэнню.


1 2 3 4 5