А.М. Ненадавец СIЛАЮ СЛОВА. ЧОРНАЯ I БЕЛАЯ МАГIЯ. Спагадлiвыя знахары

Людзі намнога часцей звярталіся за дапамогай, за падтрымкай ці нават за своеасаблівым «прагнозам» развіцця сямейных і гаспадарчых спраў на будучае да спагадлівых знахароў і варажбітоў. Іх ведалі не толькі суседзі ці аднавяскоўцы, але, асабліва наймацнейшых, і далека за межамі паселішча. У свой час П. Шэйн слушна падкрэсліваў. «Але зусім іншай павагай і пашанай (маецца на ўвазе ў параўнанні са злымі чараўнікамі. —А. Н.) карыстаюцца варажбіты і варажбіткі, якія абралі сваёй спецыяльнасцю вылячэнне хвароб і разбурэнне сілы чараўніцтва іншых. Такія людзі хоць і карыстаюц­ца нашэптваннямі і іншымі таямнічымі прыёмамі, але яны ведаюць і даволі рацыянальныя сродкі вылячэння хвароб: упраўляюць вывіхі, робяць перавязкі пры пераломе касцей, выраўноўваюць выкрыўленні пазваночніка ў маленькіх дзяцей і інш. Трэба сказаць, што ў Беларусі больш сустракаецца знахарак, чым знахароў, і варажбітак, чым варажбітоў».

Усё гэтае вылячэнне адбывалася (здзяйснялася, праходзіла) па прынцыпе прынясення людзям дабра, радасці. Менавіта гзтым тлумачылі самі знахары і варажбіты тое, што валодаюць па-сапраўднаму моцнай гаючай сілай. «Мой нябожчык-дзядуля, які быў добрым знахаром, пра яго і сёння людзі ўспамінаюць з цеплынёю ды лас­каю, заўсёды казаў, што чым болей ты зробіш іншым дабра і на добрае, то і табе гэта ўсё потым аддасца, прыпомніцца. Нікога за сваё жыццё не пракляў, ні на каго голас не ўзвысіў, слова дрэннага не сказаў, не тое каб пасварыцца ці пабіцца. Яму і ў галаву ніколі такое не прыходзіла, ён і падумаць нават пра такое не мог. Хто не прыйдзе з якой просьбаю, то не адмаўляў. А людзі ж розныя бываюць. Даволі часта некаторыя з іх замест слоў падзякі за папярэднія справы дзеда гаварылі яму (ці за яго спіною) і нешта злое, нядобразычлівае, тым не меней стары ім гэтага не прыгадваў. Дапамагаў і ўсё. Платы ніякай не браў. Калі ўжо стаў жыць сам-адзін, то яму людзі прыносілі, хто малака, хто кавалак хлеба, а хто якое яйка. Тут ужо не адмаўляўся. Калі памёр, толічы, што тры вёскі прыйшлі на ягонае пахаванне, хоць сканаў не маладзён які, а старым-стары чалавек. Хто не падыходзіў, то бачыў, што ляжаў дзед з усмешкай у дамавіне. Зла нікому не пакінуў, наадварот, атрымалася, што чалавек пражыў, творачы астатнім адно дабро, бо ягоны талент знаходзіўся на службе ў людзей» (УЗ. Ст.); «Дабро, учыненае людзям, назад вяртае таксама даб­ро. Наадварот, той, хто будзе рабіць зло, нешта нядобрае, чорнае, то і выкліча на сябе, адпаведна, гэткую ж рэакцыю. Доўга не пражыве, хвароба і пошасці ніколі не мінуць ні яго самога, ні ягонай сям'і. Спагадлівых знахараў у нас было найболей, а злых — зусім мала. Я такіх і не ўпомню. Затое добрага аднаго запомніла на ўсё жыццё, бо ён, менавіта ён, вярнуў да жыцця маю дачку, калі яна была зусім яшчэ маленькай. Стары дзядулька, да яго мяне накіравала мая маці. Так і сказала, што калі гэты чалавек не выручыць, дык болей можна толькі на лес спадзявацца. Двое сутак не адыходзіў знахар ад маёй малой. Сядзеў ля яе і ўсё нешта шаптаў-прамаўляў ды даваў піць з лыжкі нейкі ўзвар. Нікога з родных не падпускаў, казаў, каб не сапсавалі. I на самой справе паправілася дачушка. Загугукала і стала прасіць есці. Знахар жа як адыходзіў, то прамовіў, нібы яе павучаючы, а нібы і да ўсіх, хто ў хаце жыў, звяртаючыся, што раз станет рабіць добра, то і добра табе будзе. Так на ўсё жыццё са мною ягоныя словы і засталіся» (УЗ. Івац.).

Спагадлівыя знахары браліся вылечваць ад усіх хвароб, якія толькі ўзнікалі (падкідваліся) сярод людзей. Гэта адбывалася з той простай прычыны, што акрамя іх лекаваць не было каму.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37