Андрэй Давыдаў ПРЫКМЕТЫ I ПАВЕР’І ДОБРУШСКАГА РАЁНА

Прыкметы і павер'і займаюць важнае месца ў сістэме фальклорных жанраў вусна-паэтычнай творчасці беларусаў. Менавіта ў гэтых малых творах, якія добра захаваліся ў народнай памяці, знайшлі адлюстраванне міфалагічным ўяўленні, народжаныя рэальнымі ўмовамі жыцця. Звернемся да канкрэтных узораў прыкмет і павер'яў, запісаных намі на тэрыторыі Добрушскага раёна

У прыкметах і павер'ях пра агонь адлюстраваліся пэўныя вераванні мясцовых жыхароў: «Нельзя пляваць у агонь, а то галава балець будзе» [*1], «на Купалу цераз касцёр, цераз вялікі агонь прыгалі, каб здаровімі булі» [*4], «не давай агня плахім людзям, а то ў самога ўсё плоха будзе» [*4]. У народзе лічылі, што агонь з'яўляецца жывой істотай і можа не толькі пашкодзіць чалавеку, але і паспрыяць яму ў гаспадарчай дзейнасці. Як адзначыла А. Кастрыца, «у аснове павер'яў, звязаных з рознымі відамі вогнішчаў, ляжыць вера ў існаванне містычных сувязей паміж чалавекам, яго светам і «чужымі з'явамі», «чужой прасторай», а таксама вера ў здольнасць паўплываць на гэтыя з'явы з карысцю для сябе» [1, 459].

У мясцовай традыцыі з вадой таксама была звязана вера ў яе магічныя лекавыя, ачышчальныя і прадуцыравальныя ўласцівасці. Як паведаміла Любоў Іванаўна Рыжкова (1941 г. н.) з в. Дзям'янкі Добрушскага раёна, «калі забалеў і жар бальшы, то нада святой вады выпіць». Існавалі прыкметы - прадказанні. Так, паводле ўспамінаў Валянціны Гаўрылаўны Грудавенка (1930 г. н.) з в. Баршчоўка Добрушскага раёна, «калі вадой мост мыіш і плацця ў цібе ўсё мокрае будзе, то мужык п'яніца будзе, а йшчэ, калі пол доўга не сохне, то тожа п'яніца будзе».

Здольнасцю ачышчаць, лячыць і прадуцыраваць валодае, зыходзячы з мясцовых народных вераванняў, раса: «На Юр'е кароў рана на расу выганялі, штоб яны малака давалі многа» [*1], «юр'еўская раса -дабрэй за аўса» [*2], «вот як па губах балячкі пасадзяцца там якія-нібудзь, то нада ўстаць рана ўранні, падысці к вакну і па шыбкі правесць пальцам (вокны мокрыя ж ўранні) і памазаць сабе губы, тады балець не будуць» [* 1], «малых дзяцей як купалі, дак усягда ваду свешчаную дабаўлялі» [* 2].


1 2 3