Аліна Сапонава ШЛЮБНАЯ ВАРАЖБА ЖЫХАРОЎ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ

Варажба - гэта своеасаблівы комплекс, выкананне якога скіравана на прадказанне будучыні. Маладыя людзі імкнуліся даведацца пра тое, што чакае ў далейшым, ці споўняцца жаданні і мары, з кім звядзе лёс. Для гэтага і існавалі разнастайныя варожбы.

На Гомельшчыне самую вялікую групу складаюць варожбы пра будучае маладой дзяўчыны: ці хутка яна выйдзе замуж, якую знешнасць і нораў будзе мець муж, ці будуць у сям'і дзеткі, дастатак і г. д. Звычайна магічныя абрады такога шкалту былі прымеркаваны да свят: Калядаў, Масленіцы, Купалля, Пакрова і інш. Асноўная колькасць прыпадала на Каляды, калі, па народных уяўленнях, прыходзяць з «таго свету» душы памерлых і актывізуецца нячыстая сіла.

Абрад варажбы здзяйсняўся ўвечары, ноччу ці раніцай. Часцей за ўсё варажылі паасобку. Але вядома, што на Гомельшчыне магічны абрад мог адбывацца і з удзелам невялікай групы людзей (асабліва важна, каб колькасць ўдзельнікаў варажбы была няцотнай).

Падчас варажбы вялікая роля надавалася пэўным прадметам, якія непасрэдна выкарыстоўвалі, каб вызначыць свой лёс. Гэта маглі быць самыя разнастайныя рэчы хатняга і гаспадарчага ўжытку: падушка, ручнік, лучына, замок і ключ, попел, а таксама посуд (лыжкі, міскі, талеркі з вадой). У працэсе варажбы жыхары Гомельшчыны выкарыстоўвалі расліны і кветкі. Звычайна гэта было зерне (лён, каноплі, проса), а таксама так званыя «купалінкі», мак, ружы, васількі, лісткі трыпутніка, вянкі з кветак або нават дрэвы.

Даволі пашырана варажба, звязаная з ужываннем ежы. Адметным з'яўляецца той факт, што іншы раз у рацыён уваходзілі і занадта салёныя стравы (вараная бульба, аладкі, галушкі). У прыватнасці, на св. Андрэя пяклі тры галушкі, надавалі ім мужчынскія імёны, клалі на парозе і клікалі кошку ці сабаку. Чыя галушка з'ядалася першай, той і будзе мужам.

Цікавая варажба звязана з выкарыстаннем у магічным абрадзе прадметаў адзення. Вельмі пашыраны, напрыклад, абрадавыя дзеянні з панчошкамі. Адну з іх дзяўчына нацягвала звычайна на правую нагу і прасіла ў замове, каб ноччу ўбачыць у сне жаніха. Існавалі і такія абрады, дзе ў якасці суправаджальных прадметаў выкарыстоўвалася чужое мужчынскае адзенне (сімвал мужчыны), якое клалі пад галаву ці падушку.


1 2