А.М. Ненадавец СIЛАЮ СЛОВА. ЧОРНАЯ I БЕЛАЯ МАГIЯ. Заключэнне

Перагорнуты апошнія старонкі кнігі, паважаны чытач, і гэта ўсё, што нам асабіста ўдалося сабраць аб узаемаадносінах магіі і знахар­ства, рэлігіі і міфалогіі, міфалогіі і магіі.

Гэта не навуковае, а папулярнае выданне, якое і на мэце сваёй мела апісаць і данесці да шырокага кола чытачоў тое, што найбольш імкліва адмірае ў вусна-паэтычнай спадчыне беларусаў—старажытны міфалагічны пласт, да якога якраз-такі і адносіліся на першапачатковым этапе развіцця грамадства, знахарства. У наш час знайсці сапраўднага, паводле патрабаванняў нашых продкаў, знахара-варажбіта амаль немагчыма. Таму што знахарства перадавалася пад вялікім сакрэтам, з захаваннем традыцыйных абрадаў (абрадава-магічных дзеянняў), з пакалення ў пакаленне. З'яўлялася, такім чы­нам, абасобленая, амаль не зразумелая, недаступная і таямнічая для звычайнага чалавека, каста, якая далека не кожнага прымала ў свае рады, баючыся, што са з'яўленнем выпадковых людзей многае з таго, што непажадана, усплыве на паверхню. Тады ужо нельга будзе схаваць ад астатніх і метады ўздзеяння на прыродныя з'явы, на гаспадарчыя будынкі і жывёлу, на людзей, а гэтаксама і на знахароў (тут ужо ў залежнасці ад тага, чым тыя знахары займаліся ў будзённым жыцці: калі дапамагалі, неслі карысць, то адпаведна былі добрымі, а калі рабілі шкоду, «напускалі порчу», хваробы, то—злымі, чорнымі), і тое, як усё гэта здзяйснялася (прынцыпы выканання), і тое, як паводзілі (ці павінны былі, паводле кананічнай магіі, паводзіць) сябе знахары і шаптуны.

Кніга з'яўляецца своеасаблівым лагічным працягам нашых ранейшых даследаванняў: «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча», «Каму пакланяліся продкі», «За смутою міфа», «Адкуль родам чорт». Фальклорныя запісы, якія тут выкарыстаны, зроблены асабіста намі падчас мэтанакіраваных вандровак па Беларусі, студэнтамі філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя А. Куляшова, нашымі былымі студэнтамі, з якімі падтрымліваем шматгадовую пленную сувязь. Для таго каб запісы былі больш даступнымі і зразумелымі чытачам, намі зробле­ны даслоўны пераклад на беларускую літаратурную мову.

Мінулае пастаянна прыцягвае нашу ўвагу, асабліва, калі мы звяртаемся не да ўчарашняга дня, а спрабуем аднавіць падзеі, якія адбываліся некалькі стагоддзяў таму назад. Кожнаму хочацца даведацца, а як жа жыў ягоны продак, адкуль пайшоў род у гэтым краі і, самае галоўнае, якія ўплывы адчуваў на сабе той патрыярхальны чалавек, каму ці чаму пакланяўся, што абагаўляў і г.д. Хочацпа ведаць і пра тое, як жа ён паводзіў сябе ці рэагаваў у сутыкненні з нечым нячыстым (цяжка вытлумачальным, фантастычным), чаму продак такую праяву адносіў да злой сілы, якую характерыстыку ёй даваў і як імкнуўся супрацьстаяць, захаваць свой род, ураджай, жывёлу, адным словам, усё нажытае. Відаць, няма ў свеце такога чалавека, які б сцвярджаў, што высвятленне такіх каранёў для яго не цікавае.

Нашы прашчуры свята верылі (і ні ад каго гэта не хавалі), што паміж усімі светамі (нябесным, зямным, надземным) існуе нейкае непарыўнае, амаль незразумелае для іх саміх, узаемадзеянне. Нябачнае простаму воку, але якое ён пастаянна адчуваў, дзякуючы не толькі выпадковым назіранням (можа спачатку гэтак і было на са­мой справе), але і таму небагатаму практычнаму вопыту, які старажытны чалавек здолеў назапасіць на працягу ўласнага жыцця. Вопыт гэты пастаянна ўзбагачаўся іншымі пакаленнямі, і тады тое, найбольш старажытнае, што ўспрымалася, як абагаўленне, шанаванне, пакланенне перад нечым таямнічым, элементы якога станавіліся зразумелымі, тлумачальнымі і болей не выклікалі нейкага празмернага страху ці здзіўлення, пераходзілі ў разряд прымхаў, забабонаў, перажыткаў, з іх ужо нават маглі смяяцца-насміхацца, не баючыся нейкага пакарання. Тое ж, што пакуль не маглі растлумачыць і зразумець самастойна, ці пры дапамозе ўсё тых жа знахароў («ведуноў»), зыходзячы з назапашанага практычнага вопыту і ведаў, заставалася як боскасць і святасць на працягу наступных пакаленняў.


1 2 3