Ад зубоў

Першым разам, лепшым часам, ранняю зарою, добраю парою, зоры-зараніны, божыя памашніцы. Сама я прыступаю, Госпада Бо­га і Прачыстую Маці на помач прызываю.

- Зубы-зубы, з чаго ж вы змяніліся?

- З вады, з яды. Прыдумчывыя, прыгаворчывыя, прыстрэчныя, прысмешныя.

- Маладзік-маладзік, у цябе рог залаты. Ты ў моры купаўся і нам паказаўся. Ці быў ты на тым свеце?

-Не.

-Ці бачыў майго дзеда?

-Не.

- Хай у (імя) не баляць і не шчымяць. Як на небе ясны месяц, а ў моры белы камень, а ў полі шэры заяц, як гэтым тром асобам за сталом не сядзець, судоў не судзіць, так у рачыстай, хрышчонай (імя) зубам не балець.

Чытаць тры разы, сплёўваць цераз левое плячо.